Описание
У кожнага чалавека ёсць мясціна, якая яго ачышчае, выгойвае і мацуе. У першую чаргу – гэта месца, дзе чалавек нарадзіўся. Але для ўсіх беларусаў роднымі з’яўляюцца і Кушляны Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Бо менавіта Кушляны далі моц Францішку Багушэвічу, а ён умацаваў наша з вамі агульнае імя – «беларусы» і абудзіў наш сапраўдны голас і годнасць роднай мовы. З паэтычных зборнікаў Багушэвіча «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага» пачалося нацыянальнае адраджэнне беларусаў і аднаўленне ў новым часе беларускай дзяржаўнасці.
Гэта Францішак Багушэвіч ва ўмовах рабства і беззаконня ўзгадаваў у сабе волю і пачуццё свабоднага чалавека і праз паэзію стаў ратаваць з рабства ўвесь беларускі народ.
З 1990 года ў Кушлянах адчынены Літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба Ф.Багушэвіча. Захавалася хата паэта 1896 году пабудовы і каменная абора. Сам маёнтак Багушэвічы набылі аж у 1749 годзе і да 1940 году яго карысталі. Захаваўся стары парк на сядзібе. Ёсць у ім дрэвы з XVIII ст. і з XIX ст. Сядзіба і сёння дае магчымасць уявіць, як выглядаў шляхецкі маёнтак у XIX ст. А пахадзіўшы па сцежках і алеях, – адчуць сябе свабодным шляхціцам ці шляхцянкай з высокім пачуццём патрыятызму і годнасці.
У хаце экспануюцца рэчы, якія праменяць Багушэвічавай энергетыкай: пісьмовы стол, крэслы, рукапісы… Не так даўно належнае месца занялі і родавыя медальёны сям’і Багушэвічаў, гісторыя якіх сягае аж у XVIII ст. У медальёнах да энергетыкі Багушэвічаў далучаецца і моц часцінкаў мошчаў святых, якія прывезены Багушэвічамі з месцаў паломніцтва ў розныя часы. Гэтыя медальёны ахоўвалі род Багушэвічаў на працягу стагоддзяў ад хваробаў і няшчасцяў. А сягоння гэтыя сакральныя рэчы гояць душэўныя раны тым, хто прыйшоў у хату засведчыць сваю пашану і гонар славутаму суайчынніку; тым, хто сілы і талент свой аддае дзеля Бацькаўшчыны.
У каменнай аборы месціцца выстава прылад працы і прадметаў побыту беларускага сялянства канца XIX ст. – пачатку XX ст.
Непадалёку ад сядзібы наведвальнікаў сустракае Лысая гара, дзе, па легендах, некалі існавала язычніцкае капішча. Лысая гара кліча нас на адказную размову з душамі Дзядоў, якія, па нашых міфах, і жывуць на Лысых гарах і нас ахоўваюць і апякуюцца. Тут, у лясной цішыні на вяршыні гары адыходзяць ад нас мітусня і тлум; бегатня навыперадкі за карысцямі; Дзяды паказваюць нам наш сапраўдны набытак, нашу сапраўдную сутнасць. За гэта патрабуюць толькі адной платы – шанавання мовы і зямлі, якую мы прынялі ў спадчыну; моцы духу, каб гэта захоўваць і перадаць сваім нашчадкам.
Прыязджайце ў Кушляны! Можа тут вы знойдзеце адказы на пытанні, якія даўно шукалі…
Адрас: 231032, в. Кушляны, Смаргонскі раён, Гродзенская вобл.
Тэл.: (8-01592) 98-1-69.
Музей працуе з 10 да 17 гадзін, акрамя панядзелка і аўторка.
Першая серада кожнага месяца — дзень бясплатнага наведвання.
Загадчык філіяла:
Аляксандр Пятровіч Жамойцін.
http://bellitmuseum.by/muzey-syadziba-frantsishka-bagushevicha-kushlyanyi/